ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА Украіны, Украінская цэнтральная рада (УЦР),
вышэйшы заканадаўчы і выканаўча-распарадчы орган улады на Украіне ў 1917—18. Створана 4(17).3.1917, неўзабаве пасля Лют. рэвалюцыі, як кіруючы орган аб’яднання ўкр. нац. партый сацыяліст. арыентацыі (Укр. партыя сацыялістаў-федэралістаў, Укр. с.-д. рабочая партыя, Украінская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). Абапіраючыся на падкантрольныя ёй Саветы і ўкр. вайск. часці, да восені 1917 набыла рысы паралельнага органа ўлады. У маі—ліп. 1917 УЦР налічвала 815 членаў. Старшыня — М.С.Грушэўскі, які ўзначальваў і Малую Раду (30 чл.) — пастаянна дзеючы заканад. орган УЦР. Яе выканаўчы орган — Ген. сакратарыят (з ліст. 1917 пашыраны Ген. сакратарыят, у студз. 1918 рэарганізаваны ў Савет Міністраў); яго старшыня і ген. сакратар (міністр) унутр. спраў — У.К.Віннічэнка (са студз. 1918 старшыня СМ У.А.Галубовіч), ген. сакратар (міністр) па ваен. справах — С.В.Пятлюра. УЦР варожа ставілася да Кастр. рэвалюцыі 1917. З дапамогай сваіх войск 31.10(13.11).1917 захапіла ўладу ў Кіеве. У сваім 3-м універсале 7(20).11.1917 абвясціла Украінскую Народную Рэспубліку (УНР), а сябе — яе вышэйшым органам. У 4-м універсале 9(22).1.1918 абвясціла поўную незалежнасць УНР. УЦР ад імя УНР удзельнічала ў перагаворах аб міры з краінамі аўстра-герм. блоку (гл. Брэсцкі мір 1918), якія 30.12.1917 (12.1.1918) прызналі яе дэлегацыю самастойнай, а 19.1.(1.2).1918 і незалежнасць УНР; 27.1(9.2).1918 падпісалі з ёй сепаратны дагавор аб міры і саюзе. УЦР папрасіла ваен. дапамогу супраць сав. Расіі і разам з аўстра-герм. войскамі 1.3.1918 вярнулася ў Кіеў, які 26.1(8.2).1918 пакінула пад націскам сав. войск. Ва ўмовах аўстра-герм. акупацыі Украіны УЦР не здолела забяспечыць вываз харчавання ў Германію і падавіць вызв. рух. У выніку паміж ёй і герм. камандаваннем узніклі супярэчнасці. 29.4.1918 ген. П.П.Скарападскі пры падтрымцы герм. войск разагнаў УЦР і ўстанавіў дыктатарскі рэжым — гетманшчыну.
Кр.:
Українська Центральна Рада: Док. і матеріали. Т 1—2. Київ, 1996—97.
Літ.:
Мироненко О.М. Світоч украінської державності: Політико-правовий аналіз діяльності Центральної Ради. Київ, 1992;
Діячі Украіньскоі Центральної Ради: Біогр. довід. Киів, 1998.
т. 17, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)